Free Belarus Center запускае Акселератар адвакацыйных праектаў

Free Belarus Center запускае Акселератар адвакацыйных праектаў і запрашае беларускіх актывістаў_ак — як тых, хто знаходзіцца ў РБ, так і тых, хто пакінуў краіну — прыняць удзел у 3-х месячнай праграме. Удзельнікі_цы будуць працаваць над ідэямі грамадскіх кампаній, атрымаюць новыя веды і навыкі ад спецыялістаў па адвакацыі, а таксама атрымаюць магчымасць фінансавай падтрымкі праектаў, якія датычацца дасягнення пазітыўных змен у грамадскай сферы.

Адвакацыя (Advocacy) — гэта рэгулярная дзейнасць ці кампанія, накіраваная на прасоўванне і абарону правоў і інтарэсаў пэўнай сацыяльнай групы ці тэмы праз змену палітык, законаў і практык у органах улады, устанавах ці паміж групамі ўплыву. Прасцей кажучы — гэта працэс, калі вы спрабуеце пераканаць іншых людзей падтрымаць вашу пазіцыю ці пункт гледжання, але толькі на высокім узроўні. Напрыклад, прыняць закон ці змяніць практыку прымянення.

Хто можа ўдзельнічаць:

Незалежныя беларускія актывісты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і тыя, у каго ёсць ідэі грамадска важных кампаній і ініцыятыў, якія часова ці стала жывуць у Польшчы, Літве, Грузіі, Украіне, Германіі і, вядома ж, у Беларусі. Вопыт арганізацыі і ўдзелу ў адвакацыйных кампаніях вітаецца. Заяўка на ўдзел павінна ўключаць апісанне праблемы, над якой вы плануеце працаваць.

Прыярытэтныя тэмы праектаў:

— пытанні міграцыйнай палітыкі ў краінах пражывання;

— гуманітарны крызіс;

— барацьба з дыскрымінацыяй;

— гістарычная памяць;

— таксама могуць быць разгледжаны іншыя тэмы праектаў.

Падчас Акселератара вы зможаце даведацца:

— што ж азначае «адвакацыя»;

— якія бываюць віды адвакацыі;

— пра этапы, інструменты і тактыкі адвакацыйнай кампаніі;

— як выбудоўваць камунікацыйную стратэгію;

— а таксама вы зможаце падчас афлайн сесіі наведаць профільныя дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі.

Акселератар стартуе з афлайн трэнінг-праграмы 12-14 верасня ў адной з краін ЕЗ, у сувязі з чым ва ўдзельнікаў пажадана наяўнасць дзеючай візы для наведвання краін Еўразвяза, арганізатары не гарантуюць магчымасць атрымання візы. Лакацыя будзе паведамлена дадаткова (транспартныя выдаткі, а таксама выдаткі на пражыванне і харчаванне пакрываюць арганізатары).

Акселератар будзе складацца з наступных этапаў:

— выязны 3-дзённы трэнінг з наведваннем профільных дзяржаўных устаноў і арганізацый (афлайн)

— ментарства (анлайн)

— фінальны пітчынг праектаў (анлайн)

— лепшыя праекты атрымаюць міні-гранты

Пад час акселератара ўдзельнікам_цам будуць дапамагаць беларускія і міжнародныя ментары_кі:

🔹Крысціна Рыхтэр — юрыстка, праваабаронца. Юрыстка Офіса Святланы Ціханоўскай, удзельніца працоўнай групы па пытаннях міграцыі пры МУС Польшчы. Каардынатарка Школы кампейнера Petitions.by. Заснавальніца і ex-дырэктарка NGO Youth labour rights.


🔹Андрэй Сушко — аўтар даследаванняў і дапаможнікаў па доступе да інфармацыі дзяржаўнага сектара, электроннага ўрада, расследаванню злачынстваў у Інтэрнеце.

Працаваў у Беларускім Хельсінскім камітэце, цэнтры прававой трансфармацыі «Lawtrend». Зараз з’яўляецца сузаснавальнікам праваабарончай арганізацыі Human Constanta.

Працуе з Амерыканскай асацыяцыяй юрыстаў як знешні эксперт па Цэнтральнай Азіі, быў адным і ментараў «Хакатона лічбавага грамадзянства» — праекта інкубатара GovTech і CivicTech у Казахстане.


🔹Віталь Шкляроў — доктар навук, былы навуковы супрацоўнік Гарвардскага ўніверсітэта, аглядальнік і эксперт па амерыкана-еўрапейскіх адносінах, палітычны стратэг і нізавы актывіст. Быў старэйшым дарадцам многіх апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ў ЗША, Германіі, Расіі, Грузіі, Беларусі і Украіне. Пражываючы ў Вашынгтоне, Віталь працаваў у прэзідэнцкіх кампаніях Барака Абамы і Берні Сандэрса.

Дзякуючы серыі афлайн і анлайн сустрэч з экспертамі_камі з розных краін удзельнікі_цы бліжэй пазнаёмяцца з паспяховымі кейсамі адвакацыйных кампаній і рызыкамі, якія могуць узнікнуць падчас адвакацыі.

Па выніках праграмы акселератара пасля праходжання афлайн-трэнінгу, дапрацоўкі праектаў і пітчынгу ідэй удзельнікі_цы могуць прэтэндаваць на фінансавую падтрымку ў памеры ад 500 да 2000 USD.

Пачатак праграмы — 12 верасня.

Падаць заяўку на ўдзел

Дэдлайн падачы: 19 жніўня ў 23:59.