Hučna Fest-2023 — як гэта было? Глядзіце вялікі фотарэпартаж з нашага опэн-эйра

Hučna Fest-2023 — як гэта было? Глядзіце вялікі фотарэпартаж з нашага опэн-эйра

У мінулую нядзелю, 9 ліпеня, у Варшаве ўжо ў трэці раз прайшоў Hučna Fest. Опэн-эйр на беразе Віслы каля варшаўскага Музея Сучаснага Мастацтва атрымаўся спякотным ва ўсіх сэнсах. У нашым фестывалі ўзялі ўдзел каля 1500 чалавек.

На літаратурнай сцэне наведвальнікаў і наведвальніц Hučna Fest чакалі паэтычныя выступы Артура Камароўскага і Анхелы Эспіносы, прэзентацыі новых кніг Альгерда Бахарэвіча з удзелам аўтара, выдаўца Андрэя Янушкевіч, а таксама Андрэя Хадановіча і Марыны Казлоўскай.

На фестывалі прэзентавалі свой вершаваны дыхтоўны фотаальбом Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine паэт Алесь Плотка і фатограф Алесь Пілецкі. 100 адсоткаў ад яго продажу — амаль 2000 даляраў — аўтары пералічылі рэабілітацыйнаму цэнтру для вайсковых ЛАНКА.

На музычнай сцэне выступілі украінскі гурт I33I, беларускія музыкі Sož і Graphotype, асабліва моцна і шчымліва прагучалі на вялікай сцэне творы Светы Бень і Галі Чыкіс, а завяршылі Hučna Fest фантастычныя Super Besse.

Але насычаная музычная і літаратурная праграма, гульня ў петанк, шаўкаграфія — гэта яшчэ далёка не ўсё. На арт-маркеце можна было набыць рэчы беларускіх творцаў — 10 адсоткаў з продажу таксама шлі ў падтрымку рэабілітацыйнага цэнтра «ЛАНКА», а гульцы ў пінг-понг ад ініцыятывы Dvizhbot усяго за 4 гадзіны заданацілі ў падтрымку палітвязняў 300 еўра.

Ну і вельмі важнай падзеяй Hučna Fest стала Пляцоўка Сацыяльных Актыўнасцяў, якая аб’яднала крэатыўных, шчырых і адданых справе беларускіх актывістаў і актывістак. На стэндах Пляцоўкі можна было атрымаць юрыдычную кансультацыю, даведацца пра тое, як падтрымаць беларускіх палітвязняў, падпісаць паштоўку за краты і іншае.

Дзякуй вам усім, даражэнькія! Мы абавязкова ўбачымся на Hučna Fest-2024. Жыве Беларусь! Слава Украіне!

Глядзіце фотарэпартаж Паўла Савіцкага.